понедельник, 6 марта 2017 г.

На крылах веры і надзеі




На стале стаялi, спакойна гарэлі і паволі таялі чатыры свечкі... Было так ціха, што можна было пачуць, як яны размаўляюць.
Першая сказала:
-Я – спакой. На жаль, людзі не ўмеюць мяне захоўваць. Думаю, мне не застаецца нічога іншага, як патухнуць!
І полымя гэтай свечкі згасла.
Другая сказала:
-Я - вера. На жаль, я нікому не патрэбна. Людзі не хочуць нічога слухаць пра мяне, таму гарэць мне няма сэнсу.
Падзьмуў лёгкі ветрык і загасіў свечку.
Засмучана, трэцяя свечка сказала:
-Я - любоў, у мяне няма больш сіл гарэць. Людзі не цэняць мяне і не разумеюць. Яны ненавідзяць тых, хто любіць іх больш за ўсё - сваіх блізкіх.
І гэтая свечка таксама патухла ...
Раптам  у пакой зайшоў хлопчык і ўбачыў тры патухлыя свечкі. Спалохаўшыся, ён закрычаў:
- Што вы робіце?! Вы павінны гарэць - я баюся цемры!
Прамовіўшы гэта, ён пачаў плакаць. Тады чацвёртая свечка сказала:
- Не бойся і не плач! Пакуль я не згасла, ад мяне заўсёды можна запаліць іншыя свечкі: я - надзея.
Чытаючы радкі гэтай прытчы, на месцы чацвёртай свечкі мне ўяўляецца настаўнік. Менавіта настаўнік запальвае ў сэрцах дзяцей агонь жадання, жадання  спазнаць свет, захацець яго змяніць, зрабіць сябе і ўсіх вакол сябе лепшымi.
Упэўнена, што свечкай, якая запаліла сэрцы ўсіх сваіх вучняў, з'яўляецца наша Віталіна Аляксандраўна, выдатны настаўнік пачатковых класаў. І сваім вучням, і сваім родным, і нам, сваім сябрам, яна неаднаразова паказала, што такое сяброўскi удзел, жывыя, даверныя зносіны, шчырасць і падтрымка.
Памятаю, на адным з выездаў клуба яна сказала, што настаўнік павінен не «працаваць з дзецьмі", а жыць імі, быць штодня гатовым да адказаў на мноства пытанняў, дзяліць з імі радасці і смутак, узлёты і падзенні, парыць на ​​крылах веры і надзеі.
Сёння свае крылы веры і надзеі выпростваюць «журавы» дзеля палёта нашай дарогай Віталіны.
У нашым жыцці часам узнікаюць непадуладныя нам сітуацыі. Што рабіць, калі апрабаваны усе варыянты і вычарпаны ўсе рэсурсы, а мірыцца з цяперашнім становішчам мы не згодныя? Застаецца адно - верыць, проста шчыра верыць у тую сілу, якая дасць нам магчымасць змагацца і працягваць рухацца наперад. Менавіта гэтая апошняя надзея гатова тварыць цуды, кардынальна мяняць усё ранейшае жыццё проста ў імя …      твайго заўтра.


CВЕТЛАЯ  ПАМЯЦЬ  ВЫДАТНАМУ  НАСТАЎНIКУ  I  ЦУДОЎНАМУ ЧАЛАВЕКУ!

Комментариев нет:

Отправить комментарий